Праз два месяцы пасля бальшавіцкага перавароту ў кастрынічку 1917 года, 20 снежня была створана Усерасейская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (УНК, па-расейску – ВЧК). Камісію ачоліў ураджэнец Міншчыны Фелікс Дзяржынскі. Камісія атрымала правы на пазасудовыя рашэнні справаў, у тым ліку на ізаляцыю ў канцлагеры, расстрэлы так званых ворагаў рэвалюцыі, непралетарскіх слаёў грамадства. 5 верасня 1918 года гэтыя правы былі зацверджаны ў пастанове «Аб чырвоным тэроры».
На ўзор усерасейскай камісіі 22 студзеня 1918 года Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў стварае аддзел па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй. Яго першым кіраўніком стаў камісар унутраных спраў СНК Заходняй вобласці і фронту, латыш Людвіг Рэзавускі. Аддзел месціўся ў будынку былога гатэлю «Еўропа». Аддзел змагаўся з чыноўнікамі, што сабатавалі новую ўладу, контррэвалюцыянерамі і спекулянтамі. Відавочна, без расстрэлаў не абыходзілася. Аднак неўзабаве перад наступам на Мінск нямецкіх войскаў у лютым таго ж года аддзел уцёк у Смаленск, дзе быў расфармаваны.
Праз некалькі месяцаў пасля сыходу немцаў з Мінску, 18 лютага 1919 года, выканкам навастворанай ССРБ стварыў Мінскую губернскую надзвычайную камісію па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. Паводле дакументальнага фільму «Беларусьфільму» «Чекисты Минщины», кіраўніком ГубЧК быў Рыгор Гарагляд. Імаверна ў гэты перыяд камісія займала двухпавярховы будынак 1893 года пабудовы пад сучасным адрэсам па вуліцы Энгельса, 18. Лічыцца, што менавіта адсюль на беларускіх землях пачаўся «чырвоны тэрор». У сутарэннях будынку адбываліся допыты і расстрэлы. Аднак гэтым разам бальшавікі нядоўга панавалі ў Мінску. 8 жніўня 1919 года Войска Польскае заняло будучую сталіцу Беларусі.
Мясцовыя жыхары пазней распавядалі, што, уцякаючы, чэкісты расстралялі некалькі дзясяткаў чалавек, абвінавачаных у контррэвалюцыі. Іх трупы бальшавікі пакінулі ў падвале і ў двары Мінскай ГубЧК.
Пасля сыходу палякаў 21 жніўня 1920 года ў Мінску была наноў створана Мінская ГубЧК пад кіраўніцтвам Аляксандра Ротэнберга. У тым жа годзе яе перайменавалі ў ЧК БССР. У будынку на сённяшняй вуліцы Энгельса ізноў закіпела крывавая чэкісцкая праца. Арышты, допыты і расстрэлы контррэвалюцыйных элементаў і спекулянтаў. Адзін з тагачасных супрацоўнікаў Міхаіл Паўлавіч (сапраўднае імя Ізраіль Мендэлевіч) Шрейдер у сваіх успамінах занатаваў, як мінскія чэкісты выкрылі банду габрэяў-спекулянтаў, якія нібыта рабілі кілбасу з чалавечага мяса. Банду расстралялі без суда. Дзе расстралялі і пахавалі няшчасных, Шрэйдэр не ўзгадаў.