Камароўскі лес

Камароўскі лес

Колішні лясны масіў на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска – Камароўскі лес альбо лес Ваньковічаў (па прозвішчы ўладальнікаў) – узгадваўся ў справаздачы Камісіі па расследаванні злачынстваў тэрору “надзвычайкі” у 1919 годзе. Камісія знайшла тут магілы бальшавіцкіх ахвяраў. На адным з архіўных здымкаў трое сябраў камісіі адлюстраваны перад знойдзенымі трупамі. Тады гэта была маланаселеная тэрыторыя з агародамі, ярамі і ляснымі пасадкамі, а сёння – гэта шчыльна забудаваная частка гораду. Даследчыкі мяркуюць, што тая магіла магла знаходзіцца ў раёне цяперашняй вуліцы Куйбышава №69 і школы №187.

Пра расстрэлы на Камароўцы напрыканцы 1920-х узгадваў у сваёй кнізе «У кіпцюрох ДПУ» беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Пра гэтае месца ён даведаўся ад сукамернікаў, калі ў 1927 годзе сядзеў у мінскай турме:

“Што гэта: Камароўка? – Лес. У Камароўскiм лесе расстрэльваюць. Цi ж ня ведаеце? Я нiчога ня ведаў. Цяпер толькі даведаўся… У нядзелю звычайна вяртаўся кур'ер з Масквы з прысудамі калегii АДПУ, а ў панядзелак пачыналіся расстрэлы”.

Пазасудовыя забойствы на Камароўцы маглі працягвацца і пазней. Прынамсі, самі чэкісты выкарыстоўвалі гэтую назву, каб застрашыць сваіх ахвяр. Так, у заяве на імя сакратара ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі зняволены былы сакратар ЦК КП(б)Б І. Гібхін у красавіку 1939 года пісаў: “Пагроза расстрэлу не выходзіць з вуснаў [следчага] Райхліна. У тую ж ноч мяне вазілі ў зачыненай машыне. Куды – не ведаю, але Райхлін папярэджваў, што на Камароўку на расстрэл”.