Парк Чалюскінцаў

Парк Чалюскінцаў

Лес Ваньковічаў камісія па расследаванні бальшавіцкіх злачынстваў у сваёй справаздачы за 1919 год узгадала асобна. Імаверна, размова вялася пра сённяшні парк Чалюскінцаў. Цягам дзвюх дэкад у гэтым лесе людзей масава забівалі камуністы, а падчас Другой сусветнай вайны – нацысты.

З канца 1920-х гг. тут знаходзілася закрытая тэрыторыя, якая выкарыстоўвалася для пакаранняў смерцю. У непасрэднай блізкасці ад яе ў 1928 – 1933 гг. паўстаў парк адпачынку, які ў 1934 годзе атрымаў сучасную назву – парк Чалюскінцаў. А яшчэ праз год рашэннем Савета народных камісараў БССР зону адпачынку вырашылі пашырыць і аб'яднаць з лясной тэрыторыяй на левым беразе ракі Сляпянкі. Месца актыўна набывала папулярнасць сярод жыхароў і жыхарак, таму не надта падыходзіла для здзяйснення патаемных злачынстваў. Даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што падчас “Вялікага тэрору”, калі расстрэлы дасягнулі піку, чэкісты карысталіся больш прыдатнымі, аддаленымі і схаванымі ад чужых вачэй куточкамі ў Лошыцкім Яру і новым расстрэльным палігонам, вядомым зараз як Курапаты. Дакладная лічба забітых камуністамі ў лесапарку невядомая. Зянон Пазняк выказваў меркаванне, што частка польскіх вайсковапалонных з так званага “Беларускага Катынскага спісу” магла быць расстраляная тут.

Падчас Другой сусветнай вайны на гэтай тэрыторыі немцы змясцілі лагер для савецкіх ваеннапалонных Шталаг-352. Ад голаду, холаду і хвароб памерлі тысячы чырвонаармейцаў, якіх закапалі ў брацкіх магілах. Пасля вызвалення Мінску ў 1944 г. на тэрыторыі парку надзвычайная камісія налічыла 41 ​яму з парэшткамі людзей. Па прыблізных падліках, там магло быць пахавана каля 10 тысяч чалавек. Ці ўсе яны былі ахвярамі нацыстаў, сёння цяжка сказаць. Саветы часта прыпісвалі аўтарства сваіх злачынстваў немцам. У 1955 годзе на месцы брацкай магілы зʼявіўся мемарыял у памяць ахвяр нацызму – бетонная фігура “Журботнай маці”.