Пішчалаўскі замак ці «Валадарка». СІЗА №1 (вул. Валадарскага, 2)

Пішчалаўскі замак ці «Валадарка». СІЗА №1 (вул. Валадарскага, 2)

Мінская гарадская турма, альбо Пішчалаўскі замак (па прозвішчы будаўніка Рудольфа Пішчалы), ці Валадарка – ад назвы вуліцы Валадарскага, а да нядаўняга часу афіцыйна Следчы ізалятар № 1 упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі – пабудаваная па тыпавым праекце ў 1825 годзе. Новы каменны астрог меўся замяніць старую драўляную вязніцу. Амаль 200 год будынак з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага гвалту і рэпрэсій. За яго мурамі адбывалі пакаранне ўдзельнікі паўстання 1863 года, беларускія пісьменнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай, Карусь Каганец, Якуб Колас, сацыялісты-рэвалюцыянеры, у тым ліку стваральнік незалежнай Польшчы Юзэф Пілсудскі і заснавальнік савецкай карнай сістэмы Фелікс Дзяржынскі. У розныя гады незалежнай Беларусі праз Валадарку прайшлі сотні, і, нават, тысячы палітзняволеных. Сярод іх былі кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Бабарыка, палітычныя і грамадскія дзеячы Павел Севярынец, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак і іншыя.

Адно з самых гучных смяротных пакаранняў звязана з Іванам Пуліхавым – чальцом баявой групы партыі эсэраў. 14 студзеня 1906 года ён учыніў няўдалы замах на мінскага губернатара Паўла Курлова, па загадзе якога ў 1905 годзе ў Мінску была расстраляная мірная дэманстрацыя. Пуліхава і яго саўдзельніцу Аляксандру Ізмайловіч арыштавалі і змясцілі ў гарадскую турму. Праз месяц іх асудзілі на смерць, але Ізмайловіч пакаранне замянілі на катаргу. 26 лютага 1906 года Івана Пуліхава павесілі паводле розных звестак, альбо на варотах, альбо на вежы замка. Цела вісела два дні дзеля запалохвання менчукоў. Імём Пуліхава названа адна з вуліц Мінска.

У 1920-х турма перайшла пад уладу надзвычайнай камісіі, а пазней АДПУ і НКУС. З таго часу тут нязменна знаходзіліся палітычныя арыштанты: контррэвалюцыянеры, кулакі, трацкісты, “шпіёны”, “здраднікі радзімы” і іншыя антысавецкія элементы. Адбыванне за кратамі суправаджалася здзекамі і катаваннямі з боку турэмшчыкаў. Звестак пра расстрэлы ў мурах турмы ў пачатку 1920-х знайсці не ўдалося. Сваіх палітычных апанентаў ці так званых ворагаў народу саветы вывозілі на расстрэлы ў Камароўскі лес ці Лошыцкі яр.

Найбольш змрочныя гадзіны прыйшлі сюды падчас “Вялікага тэрору” 1937-38 гадоў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года тут, у падвалах турмы, каты з мундзірах НКУС расстралялі прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты Беларусі – некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, паэтаў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў.

У пачатку 1938 года на загад кіраўніка аднаго з аддзелаў НКУС БССР Аляксандра Гепштэйна з санкцыі наркама НКУС БССР Барыса Бермана і дазволу Масквы ў гарадской турме быў створаны асобны корпус. У яго змясцілі людзей асуджаных да расстрэлу, і якія на волі мелі шырокія сацыяльныя сувязі. Наглядчыкам быў нехта Алекаў. У корпусе ўтрымлівалі 270 чалавек, ад якіх “шляхам збіцця і катаванняў” атрымлівалі “дадатковыя сведчанні” на іншых асобаў. Дакументы сведчаць, што толькі 38 вязняў гэтага корпусу далі паказанні на 3489 чалавек. Для тых, хто адмаўляўся ад “супрацы” з органамі, стваралі асабліва цяжкія ўмовы. Тыя, хто “прызнаваўся” і даваў “паказанні”, ставіліся ў прывілеяваныя ўмовы і атрымлівалі ўзмоцненую пайку.

Сярод вязняў быў, напрыклад, Браніслаў Тарашкевіч. Пасля вынясення прысуду 5 студзеня 1938 года яго пратрымалі больш за 10 месяцаў. Увесь гэты час чалавека змушалі чапляцца за жыццё і даваць паказанні на іншых такіх жа бязвінных людзей. Паводле дакументаў, Тарашкевіч “данёс” на 249 чалавек.

У рэшце рэшт, усіх зняволеных корпуса расстралялі. Выкананне прысуду аформілі заднімі лічбамі, 29 лістапада 1938 г., але фактычна забойствы адбываліся пазней, у пачатку снежня. Напрыканцы лістапада выйшаў шэраг партыйных і ўрадавых рашэнняў, а таксама загад НКУС, якія фактычна спынялі “Вялікі тэрор” і забаранялі паскоранае следства без удзелу пракурораў. Так НКУСаўцы спяшаліся замесці сляды і знішчыць сваіх ахвяр, якія багата чаго маглі распавесці пра метады вядзення следства «перадавым, узброеным атрадам» партыі камуністаў. Як сведчаць дакументы, тады ў Мінску, Магілёве, Мазыры і Віцебску былі расстраляныя 371 чалавек, рашэнні ў дачыненні да якіх былі адменены, а справы меліся быць вернутыя на даследаванне. За парушэнне партыйных установак і загаду кіраўніцтва шэраг чэкістаў быў зняты з пасадаў і нават расстраляны.

Пасля 17 верасня 1939 года, падчас так званага «вызваленчага паходу», у савецкі палон трапілі тысячы польскіх афіцэраў і чыноўнікаў. Спачатку іх утрымлівалі ў турмах Заходняй Беларусі, а пасля загаду народнага камісара НКУС Лаўрэнція Берыя ад 21 сакавіка 1940 года ў мінскую турму было этапавана звыш 3000 арыштаваных. Тут след іх цалкам знікае. Імаверна, іх расстралялі. Пытанне, дзе адбывалася само забойства – у мурах вязніцы ці ў навакольных лясах пад Мінскам.

З 1947 па 1953 год у БССР як і ва ўсім СССР смяротнае пакаранне было адменена, аднак пасля смерці Сталіна зноў адноўлена.

Алег Алкаеў – былы начальнік СІЗА №1 у 1996-2001 гадах і аўтар кнігі “Расстрэльная каманда” – распавядаў, што асуджаных да смяротнага пакарання ўтрымлівалі асобна – у 17 камерах паўпадвальнага паверха СІЗА. Доступ туды быў забаронены нават большасці супрацоўнікаў ізалятару. Выконвала прысуд асобная расстрэльная каманда – спецыяльная група па прывядзенні прысудаў у выкананне з 13 чалавек: супрацоўнікаў СІЗА, лекара і прадстаўніка МУС. Яны былі абавязаны захоўваць поўную таямніцу пра сваю працу. Пасля таго, як пракурор абвяшчаў адмову ў памілаванні, асуджанаму завязвалі вочы, выводзілі ў суседні пакой, дзе ставілі калені, а выканаўца стрэлам у патыліцу прыводзіць прысуд у выкананне. Уся працэдура займае не больш за дзве хвіліны. Трупы пакуюць у мяшкі і таемна хаваюць у невядомых месцах.

У часы незалежнай Беларусі ў мурах СІЗА №1 з 1991 па 2015 год, па ацэнках Amnesty International, было выканана каля 400 смяротных прысудаў. У 2024 годзе СІЗА №1 пераехала з Пішчалаўскага замка ў новы будынак пад Мінскам. Стары астрог улады плануюць рэканструяваць і ператварыць у турыстычна-забаўляльны аб’ект – з музеем, рэстаранам і канцэртнай пляцоўкай.

Пра расстрэлы ў СІЗА на Валадарскага праваабаронца і літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год, палітзняволены, двойчы вязень “Валадаркі” напісаў тэкст “Мы лічым гады па расстрэлах”. Тэкст стаў прадмовай да кнігі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 гадоў змагання” (Мінск 2019 год).

“Ніколі чалавеку, які не быў у турме, не зразумець,
што такое няволя. І тым больш нам не зразумець і не
адчуць, што такое – быць асуджаным на смерць і чакаць
гэтае смерці”.
Алесь Бяляцкі
Смяротнае пакаранне ў Беларусі