У 1920 годзе беларуская «надзвычайка» перасялілася ў пабудаваны ў 1915 годзе будынак Земляробчага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання. Пазней будынак займала Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне, з 1934 года НКУС БССР, а сёння – МУС Беларусі. Тут у кабінетах следчых адбываліся допыты арыштаваных. Некаторыя, не вытрымаўшы здзекаў, спрабавалі пакончыць жыццё самагубствам.
Напрыклад, 21 чэрвеня 1937 а 12 гадзіне выкінуўся з акна пятага паверха будынка НКУС БССР старшыня Савнаркома БССР Мікалай Галадзед, які быў арыштаваны і знаходзіўся на допыце. Смерць наступіла праз 20 хвілін. За недагляд і халатнасць пры выконванні абавязкаў оперупаўнаважанага 3-га аддзела УДБ НКУС БССР, малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Рулева і памочніка оперупаўнаважанага, малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Турбіна наркам Яжоў загадаў арыштаваць і аддаць пад суд, а намесніку начальніка 3-га аддзела лейтэнанту дзяржбяспекі Гепштэйну аб'явіць строгую вымову.
Крыху пазней, ужо пад час “Вялікага тэрору” 1937-38 гадоў следчыя НКУС атрымалі прамы дазвол з Масквы на неабмежаванае выкарыстанне фізічных захадаў уздзеяння на падследных. Пры гэтым само следства вялося ў прыспешаным тэмпе і паводле спрошчанай працэдуры.
Начальнік 3 аддзелу УДБ НКУС БССР Гепштэйн падчас допытаў пасля арышту заявіў: “У другой палове кастрычніка 1937 года вярнуўся з Масквы... Берман (народны камісар унутраных спраў БССР – І.С.) і заявіў мне, што мы, аказваецца, вельмі рэзка адсталі ад усіх без выключэння УНКУС Саюза, што ў Ленінградзе выкрыта 2000 чалавек, ва Украіне 4000 чалавек і таму нам неабходна рэзка перабудаваць усю працу. Берман прапанаваў мне склікаць нараду следчых, на якой ён дасць указанні…”
Каб рэалізаваць даведзеныя зверху планы чэкісты вялі канвеерныя допыты, соднямі не давалі вязням спаць, стваралі так званыя камеры “душагубкі”, дзе набівалі людзей як селядцоў у бочку: нельга было ні ляжаць, ні сядзець, толькі стаяць, шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго. А ў дадатак следчыя шырока ўжывалі розныя прылады і віды катаванняў.
З дакладной Камісіі ЦК КПСС Прэзідыуму ЦК КПСС па ўстанаўленні прычын масавых рэпрэсій супраць сябраў і кандыдатаў у сябры ЦК ВКП(б), абраных на ХVII з'ездзе партыі ад 9 лютага 1956 г. адзначалася, што ў НКУС БССР збіццё і катаванні арыштаваных, якія даходзілі да садызму, падчас следства было масавай з'явай і стала асноўным метадам следчых. Лічылася ганебным, калі ў следчага няма ніводнага прызнання ў дзень. “У наркамаце быў суцэльны стогн і крык, які можна было чуць за квартал ад наркамата. У гэтым асабліва адрозніваўся следчы аддзел”, – было зафіксавана ў дакуменце. Гэтая практыка надзвычай хутка і шырока распаўсюдзілася ва ўсіх астатніх аддзелах наркамата.
Пры гэтым, як сведчаць вынікі камісіі ЦК КП(б) Беларусі па прыёме і перадачы справаў пракуратуры БССР у 1940 годзе, дакументы, нагляд за следствам па справах аб контррэвалюцыйных злачынствах, за месцамі зняволення, асабліва за ўнутранымі турмамі, а таксама за выкананнем прысудаў судоў і пазасудовых органаў, з боку Пракуратуры БССР адсутнічаў. Больш за тое, падчас “Вялікага тэрору” пракурор БССР Новік нават забараніў разглядаць скаргі ад асуджаных да смяротнага пакарання.
Нярэдка вязняў збівалі да страты прытомнасці. Некаторыя не вытрымлівалі садысцкіх здзекаў, тады турэмныя лекары фіксавалі смерць падследчага.