СІЗА КДБ Беларусі –- следчы ізалятар ва ўнутраным двары будынка КДБ Беларусі ў Мінску. Прызначаны для зместу асобаў, чыя дзейнасць пагражае нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
З цягам часу апарат карных савецкіх органаў разрастаўся і перад вайной займаў цэлы квартал у самым цэнтры Мінска. Большасць арыштаваных трымалі ў гарадской турме. Аднак у двары будынку былога Земляробчага таварыства чэкісты пабудавалі новую турму. Вязніца была збудавана ў форме кола, разбіта на 18 камер-сектароў, у цэнтры знаходзіўся вартавы. На паўпадвальным паверсе месціліся кабінеты для допытаў. Новы будынак нагадваў распаўсюджаныя ў ЗША турмы, магчыма, таму атрымаў неафіцыйную назву “амерыканка”. Умовы ўтрымання тут былі даволі складаныя. Нават сёння ў большасці камер няма прыбіральняў.
У канцы 1920‑х – пачатку 1930‑х гадоў праз «Амерыканку» прайшлі кулакі, “антысавецкія элементы”, беларускія навукоўцы і літаратары. Іх абвінавачвалі ў нацыяналістычнай змове супраць савецкай дзяржавы.
Пра тое, як “працавалі” следчыя “амерыканкі”, у сваім дзённіку расказаў былы супрацоўнік карных органаў Іосіф Ятчэня, які ў 1937 сам стаў ахвярай рэпрэсій. Ён пісаў, што людзей катавалі галаданнем, бясконцымі збіццямі, пагрозамі расстрэлу. Сярод любімых метадаў следчых быў так званы “канвеер”: цягам некалькіх содняў без ежы і вады падследных прымушалі стаяць у салдацкай стойцы, у гэты час следчыя праводзілі допыты, змяняючы адзін аднаго. На “канвееры” у людзей апухалі рукі і ногі, яны не маглі хадзіць, а праз адсутнасць сну ўзнікалі галюцынацыі. Некаторыя не вытрымлівалі, спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Так, яшчэ ў 1934 годзе арыштаваны мінскі лекар-артапед Барыс Цыпкін кінуўся з верхняга яруса ў змрочны калодзеж турмы, але не загінуў, толькі пашкодзіў пазваночнік. Імаверна тады турэмную шахту перакрылі кратамі.
Шмат хто паміраў падчас нялюдскіх допытаў. Вядома, напрыклад, што следчыя НКУС Куляшоў і Кунцэвіч настолькі моцна збілі арыштаванага Якава Шэлега, што той на месцы і памёр. Таксама падчас следства былі забіты арыштаваныя І.Шабан, М.Авечка ды іншыя. Шмат хто з закатаваных пазней паміраў у шпіталях. Як сведчаць дакументы, на загад часова выконваючага абавязкі начальніка 3-га аддзелу УДБ НКУС БССР Аляксандра Гепштэйна, трупы забітых наўмысна не ўскрываліся, каб схаваць сапраўдныя прычыны смерці.
Падчас “Вялікага тэрору” у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падвале будынку былі расстраляны 52 дзеячы культуры і навукі БССР, абвінавачаныя ў антысавецкай дзейнасці. Да 1953 года будынак разам з Пішчалаўскім замкам з’яўляўся адным з месцаў выканання смяротных прысудаў. Крывавы канвеер смерці працягваўся ў “Амерыканцы” і надалей.
З 1991 года турма выкарыстоўваецца Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Праз следчы ізалятар КДБ з 2020 года прайшлі дзясяткі зняволеных па гучных палітычных справах. Там утрымліваліся фігуранты і фігуранткі такіх гучных спраў як “справа Белгазпрамбанка”, “справа падпалу дачы Гайдукевіча”, “справа Рабочага Руху”, “справа змоўшчыкаў”, справаў за “здраду дзяржаве” і іншыя.