Курапаты

Курапаты

З пачаткам масавага тэрору ў 1937 г. савецкая дзяржбяспека ў БССР пачала шукаць новую пляцоўку, дзе можна было б непрыкметна караць смерцю тысячы людзей.

Раскіданыя ў ваколіцах Мінску месцы расстрэлаў – парк Чалюскінцаў і Лошыца – ужо не адпавядалі маштабам будучай карнай аперацыі. У чэрвені – ліпені 1937 г. быў абраны лясны масіў недалёка ад былой вёскі Брод (Брадок), што знаходзіўся за горадам. Цягам наступных тыдняў абшар памерам каля 30 гектараў быў абгароджаны плотам з дошак вышынёй у тры метры. Вязняў турмаў НКУС расстрэльвалі спачатку па начах. Па меры таго, як крывавы сталінскі малох набіраў абароты, новых ахвяраў сталі прывозіць цягам цэлага дня і адразу забівалі ў выкапаных брацкіх магілах. Паводле паведамленняў сведкаў, колькасць расстрэлаў значна ўзрасла ў перыяд з зімы 1937 па вясну 1938 гг. Колькі людзей былі забіты ў Курапатах на працягу гэтых месяцаў, дагэтуль не высветлена.

Пасля ўключэння былых польскіх тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад СССР паводле пакту Молатава-Рыбентропа восенню 1939 г. масавыя расстрэлы зноў працягнуліся. Цяпер на змену савецкім грамадзянам прыйшлі прадстаўнікі польскай сацыяльнай і палітычнай эліты, вайскоўцы і цывільныя. Больш за 3000 асобаў этапавалі ў цэнтральную турму БССР у Мінск, дзе след іх губляецца. Даследчыкі мяркуюць, што іх маглі забіць таксама і ў гэтым лесе. Расстрэлы спыніліся толькі пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз летам 1941 г. і адступлення савецкіх войск. З-за недахопу паліва жыхары навакольных вёсак разабралі плот з дошак і знайшлі брацкія магілы. Нямецкія акупацыйныя ўлады не выявілі зацікаўленасці да Курапат. На працягу ваенных гадоў лес паступова выразалі.

Пасля вызвалення Мінску летам 1944 г. супрацоўнікі савецкай дзяржбяспекі пачалі знішчаць сляды злачынстваў сваіх перадваенных папярэднікаў. Магілы, над якімі прасела зямля, былі часткова засыпаныя ў 1950-х гг., а ўся мясцовасць была засаджаная лесам. У 1960-х гг. была пабудаваная дарога, праз месца знаходжання магіл таксама прайшоў газаправод. Знойдзеныя падчас гэтых прац парэшткі людзей былі прыбраныя. У 1970-х гг. паўсталі новабудоўлі, якія даходзілі да самых Курапат. У наступныя гады лясны масіў ператварыўся ў месца адпачынку для іх жыхароў.

У 1970-х гг. археолаг Зянон Пазняк пачаў даследаваць гісторыю месца пахаванняў. Ён праводзіў і збіраў інтэрв’ю са сведкамі тых часоў у навакольных вёсках, і толькі напрыканцы 1980-х атрымаў магчымасць азнаёміць беларускае грамадства з вынікамі сваёй працы.

У маі 1988 г. невялікая група археолагаў Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР, у склад якой разам з Пазняком уваходзілі Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў, з дазволу вайсковай пракуратуры правяла першыя раскопкі. Апублікаваны ў пачатку чэрвеня 1988 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул Пазняка і Шмыгалёва пад назвай “Курапаты – дарога смерці” аб выніках раскопаў выклікаў шок у грамадстве. Курапатамі яны назвалі лясны масіў, дзе адбываліся забойствы. Артыкул паслужыў падставай для ўзбуджэння 14 чэрвеня 1988 года Пракуратурай БССР крымінальнай справы. Праз 6 тыдняў пад ціскам грамадскасці была створана ўрадавая камісія па даследаванні дадзенай тэмы, да якой разам з прадстаўнікамі ўраду і пракуратуры належалі Пазняк, а таксама пісьменнік Васіль Быкаў і мастак Міхаіл Савіцкі.

Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў: Курапаты — дарога смерці

Падчас раскопаў на тэрыторыі каля 30 гектараў было знойдзена 510 меркаваных пахаванняў. У ходзе выбарачнай эксгумацыі былі выяўлены парэшткі не менш чым 356 чалавек, асабістыя рэчы (расчоскі, зубныя шчоткі, мыльніцы, гаманцы, абутак, рэшткі адзення), а таксама гільзы і кулі рэвальвера сістэмы “Наган”, пісталета “ТТ”, некалькі стрэляных гільзаў ад пісталетаў сістэм “Браўнінг” і “Вальтэр”. Археолагі былі перакананыя, што першыя пахаванні тут адбываліся не раней за 1937 год. Знойдзеныя ў магілах рэчы дазволілі даследчыкам зрабіць выснову, што частка пахаваных была з Заходняй Беларусі, далучанай да БССР у 1939 годзе.

Тады ж былі апытаныя 55 сведкаў з суседніх вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Драздова. Сведкі паказалі, што ў 1937-1941 гадах супрацоўнікі НКУС прывозілі сюды людзей на крытых машынах і расстрэльвалі іх, а тэрыторыя была абнесена плотам.

З часу адкрыцця брацкіх магіл летам 1988 г. шматлікія аб’яднанні і партыі рупяцца аб ператварэнні гэтай мясцовасці ў нацыянальны мемарыял.

І ўсё ж такі назва “Курапаты” лічыцца ў шырокіх колах беларускай грамадскасці сінонімам злачынстваў сталінізму. З прычыны моцнага недаверу да дзяржаўных уладаў ужо за некалькі месяцаў да таго мастакі, пісьменнікі і навукоўцы стварылі аб’яднанне “Мартыралог Беларусі”, якое ў сваю чаргу выступала за незалежнае даследаванне сталінскага мінулага. Канфлікты з дзяржаўнай уладай дасягнулі апагею ў дзень памяці продкаў у 1988 г., калі міліцыя гвалтоўна разагнала памінальную акцыю, на якую сабраліся тысячы чалавек.

Прагрэсуючы заняпад улады прымусіў дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва вясной 1989 г. афіцыйна прызнаць злачынствы і паабяцаць надаць месцу пахаванняў статус нацыянальнага мемарыялу. 18 студзеня 1989 года Савет Міністраў БССР на падставе справаздачы ўрадавай камісіі аб фактах масавых расстрэлаў людзей пад Мінскам прыняў пастанову № 42 “Аб ушанаванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”. Дакумент прадугледжваў правядзенне адкрытага конкурсу на стварэнне помніку ахвярам масавых рэпрэсій і яго ўсталяванне. Акадэміі навук БССР даручалася арганізаваць усебаковае вывучэнне прычын і наступстваў масавых рэпрэсій 1930-40 гг. і пачатку 1950-х гадоў у Беларусі, а выдавецтву “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” – падрыхтаваць і выдаць спецыяльнае выданне.

У кастрычніку таго ж году на Дзяды адбылося чарговае шэсце. Каля 50 тысяч чалавек некалькі кіламетраў неслі да Курапатаў сяміметровы крыж, каб узняць яго над урочышчам. Крыж асвяцілі прадстаўнікі чатырох хрысціянскіх канфэсій. Так пачалася народная мемарыялізацыя Курапатаў.

У студзені 1989 г. па ініцыятыве ўраду БССР быў усталяваны закладны камень ахвярам рэпрэсій. Шыльда на ім паведамляе, што на гэтым месцы ў адпаведнасці з пастановай Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе пабудаваны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1937-1941 гадоў.

Вясной 1990 г. адбылося часовае ўладкаванне месца пахаванняў. Побач з крыжам пакутнікаў паўстала шыльда вышынёй у чатыры і шырынёй у шэсць метраў, адначасова на некаторых магілах былі пастаўлены крыжы.

Аднак спрэчкі аб гісторыі Курапатаў працягваліся. Нягледзячы на прынятую пастанову аб расследаванні, архівы Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ заставаліся закрытымі, у выніку чаго было немагчыма выкарыстаць дакументы падчас расследавання. З-за гэтага было немагчыма высветліць імёны ахвяр.

Цягам 1990-х гадоў следства па справе некалькі разоў узнаўлялася. Незадаволеныя шматкроць патрабавалі перагляду вынікаў ранейшых расследаванняў. Летам 1991 г. дзяржаўная камісія па расследаванні паведаміла, што нягледзячы на папярэднія дадзеныя, расстрэлы нібыта ажыццяўляліся падчас нямецкай акупацыі з 1941 па 1944 гг. Затым пад кіраўніцтвам вайсковай пракуратуры былі праведзены новыя даследаванні, якія меліся пацвердзіць дадзеную версію. Ператварэнне мясцовасці, дзе знаходзіліся магілы, у мемарыял трэба было адкласці да канчатковага высвятлення абставінаў.

Паводле заявы чальцоў камісіі, у Курапатах расстрэльвалі дэпартаваных з Гамбургу габрэяў нямецкія вайсковыя аддзелы. Нягледзячы на шматгадовыя архіўныя пошукі, падчас якіх праводзіліся кансультацыі з экспертамі з Ізраілю і Германіі, адпаведныя доказы не былі знойдзены.

Не зважаючы на спрэчкі 30 лістапада 1993 г. мясцовасць была ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940 гадоў. Следчая камісія ўсё ж настойвала на канчатковым высвятленні пытання і ў кастрычніку 1997 г. пастанавіла правесці новыя раскопкі з удзелам археолагаў з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук.

У кастрычніку 1997 - траўні 1998 г.г. былі адкрытыя 23 аб'екты, з якіх 9 аказаліся магіламі. У адным з раскопаў археолагі знайшлі 74 целы і тры гаманцы з трыма турэмнымі квітанцыямі. У двух квітанцыях дадзеныя былі ўпісаны алоўкам: турма Гродна, дата 10 чэрвеня 1940 года і пазначаныя імёны Мойша Крамер і Мардухай Шулькес. Па адзенні на целах было ўстаноўлена, што расстрэл хутчэй за ўсё праходзіў у цёплую пару года. У выніку расследаванне не знайшло ніякіх доказаў на карысць “нямецкага следу”. На падставе новых артэфактаў было ўстаноўлена, што расстрэлы маглі ажыццяўляць толькі савецкія органы дзяржбяспекі. Аднак матэрыялы расследавання былі засакрэчаныя і да гэтага часу недасягальныя для гісторыкаў і даследчыкаў.

Да таго ж з’явіліся доказы, што і пасля Другой сусветнай вайны Курапаты выкарыстоўваліся ў якасці месца для расстрэлаў. Расследаванне ў звязку з расстрэлам нямецкіх габрэяў скончылася безвынікова. Дэбаты вакол Курапатаў не выклікалі такога водгуку ў грамадскасці, як у канцы 1980-х гг. Пад уплывам развіцця ўнутрыпалітычнай сітуацыі тэма сталінскіх злачынстваў усё больш і больш маргіналізавалася і адыходзіла на перыферыю грамадскай свядомасці.

У 1998 г. Мінскі раённы выканаўчы камітэт прыняў землі, дзе знаходзіцца ўрочышча, пад ахову, абавязаў Дзяржаўную аўтамабільную інспекцыю ўстанавіць забаронныя знакі на дарогах ва ўрочышчы і даручыў Бараўлянскаму сельсавету даглядаць месцы пахаванняў. Аднак цягам наступных гадоў тэрыторыя Курапатаў прыйшла ў заняпад.

Моцныя змены адбыліся восенню 2001 г. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі пачаліся працы па пашырэнні кальцавой дарогі, якая праходзіла праз месца пахаванняў. Напрыканцы верасня розныя арганізацыі і апазіцыйныя партыі стварылі ініцыятыву “За ўратаванне Курапатаў” і з дапамогай шырокай кампаніі ў прэсе намагаліся спыніць гэтыя работы.

У наступныя тыдні адбыліся жорсткія сутыкненні паміж сіламі бяспекі і пратэстоўцамі, якія ў сваю чаргу спрабавалі мірным чынам спыніць разбудову кальцавой. Адзін малады чалавек атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выніку начнога падпалу намёту ўдзельнікаў варты. Гэты выпадак не быў расследаваны.

Нягледзячы на высілкі, пашырэнне аб’яздной дарогі не ўдалося спыніць. Будаўнічыя працы скончыліся праз год. У якасці саступкі ўлады пабудавалі падземны пераход да месца пахаванняў. Апроч таго кальцавая пайшла іначай, чым планавалася першапачаткова, на пару дзясяткаў метраў убок ад Курапатаў.

Яшчэ ў 2000 годзе Зянон Пазняк заклікаў да стварэння народнага мемарыялу ў Курапатах і прапанаваў ідэю крыжовага шэсця на Дзяды. Тады ж адбылося першае крыжовае шэсце, а ва ўрочышчы з’явіліся першыя 20 вялікіх крыжоў і шмат меншых. Агулам да 2008 года ў Курапатах паўсталі больш за паўтысячы крыжоў. Пачалі з’яўляцца розныя мемарыяльныя знакі.

У 2002-2003 г.г. грамадскія пратэсты змусілі ўлады спыніць будаўніцтва ля Курапатаў элітнага катэджнага пасёлку. А ў 2004 годзе Міністэрства культуры Беларусі прыняла пастанову “Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці – Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты”. Дакумент вызначыў шырыню ахоўнай зоны вакол Курапатаў у 110–250 метраў, хаця раней гутарка ішла ад 200 да 500 метраў.

У снежні 2005 г. невядомыя апаганілі месца пахаванняў і пашкодзілі пры гэтым шмат памятных знакаў ва ўрочышчы, а таксама закладны камень. Апошні раз вандалы апаганілі яго ў 2020 годзе. Яны напісалі “вернем практыку НКУС”. Супрацоўнікі лясгасу спрабавалі змыць надпіс, аднак на камяні засталася чырвоная пляма.

У 2012 выбухнуў чарговы скандал у сувязі з будаўніцтвам у непасрэднай блізкасці ад курапацкага лесу забаўляльнага цэнтру “Бульбаш-хол”. Гісторык Ігар Кузняцоў сцвярджаў, што будоўля магла адбывацца наўпрост на саміх пахаваннях у межах ахоўнай зоны. Тады грамадскія актывісты дамагліся спынення прац. Улады нават абяцалі знесці ўжо пабудаваныя будынкі. Але 1 снежня 2014 года Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону вакол Курапатаў да 50 метраў. Такім чынам, будаўніцтва забаўляльнага цэнтру было легалізавана, а абяцаны знос не адбыўся. Пратэсты абаронцаў Курапатаў і звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

У чэрвені 2018 года ў будынках “Бульбаш-холу” адкрыўся рэстаран пад назвай “Поедем поедим”. Грамадскасць ізноў адказала пратэстамі і штодзённымі пікетамі.

Цягам існавання народны мемарыял у Курапатах неаднаразова зазнаваў акты вандалізму. Вандалы раскопвалі магілы, знішчалі крыжы, апагананьвалі свастыкамі і сатанінскімі надпісамі памятныя знакі. Некалькі разоў нішчылася і аднаўлялася памятная лава, усталяваная ў 1994 годзе пад час візіту прэзідэнта ЗША Біла Клінтана.

Аднак найбольш значныя страты мемарыял зазнаў 4 красавіка 2019 года. Тады Бараўлянскі спецлясгас без судовага рашэння і ўзгаднення з Міністэрствам культуры знёс у Курапатах каля 70 крыжоў. Годам раней па ініцыятыве беларускага палітыка Змітра Дашкевіча актывісты ўсталявалі іх замест спарахнелых. Падчас знішчэння памятных знакаў было затрымана 15 чалавек, якія спрабавалі спыніць дэмантаж. 13 красавіка было вырвана і вывезена яшчэ 60 металічных крыжоў. Іх усталявалі на добраахвотныя ахвяраванні ўздоўж Мінскай кальцавой дарогі яшчэ ў 2017 годзе. Крыжалом і вандалізм з боку ўлады – так гэтую акцыю назвалі ў грамадстве – мелі шырокі розгалас не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Напад на мемарыял адбыўся пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі па тэлебачанні, дзе той даў загад, «каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там не было». У той жа час мемарыял быў абнесены агароджай.

У траўні 2023 г. незалежныя СМІ паведамлялі, што ў Курапатах, імаверна, працаўнікі лясгасу падчас вырубкі дрэваў пашкодзілі некалькі крыжоў. А ў кастрычніку таго ж году партал Katolik.life паведамляў, што ў Курапатах зноў апаганілі крыжы, у тым ліку крыж грамадска-палітычнаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму, а таксама крыж у памяць аб рэпрэсаваных паляках.

У кастрычніку 2018 г. Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры паспрабавала стварыць навуковы пашпарт народнага мемарыялу Курапаты. Таварыства перадало ў Міністэрства культуры дакументы для інвентарызацыі амаль чатырох дзясяткаў аб’ектаў. Сярод іх 37 безыменных і іменных крыжоў, у тым ліку крыж беларускаму Ластоўскаму, «лава Клінтана» і памятны знак беларускім габрэям. Да кожнага крыжа ці знака былі прыкладзены фота, апісанне, інвентарны нумар. Было прапанавана надаць элементам мемарыялу законны статус. Аднак улады адмовілі.

Пачынаючы з 2017 году 29 кастрычніка ў Курапатах ля «Крыжа пакутнікаў» праходзіла акцыя “Ноч расстраляных паэтаў”. Пад час яе зачытвалі прозвішчы рэпрэсаваных, дэкламавалі вершы творцаў, якія пацярпелі ад савецкай сістэмы, запальвалі знічкі. 1 лістапада таго ж году на Дзяды сілавікі ўпершыню з 1988 году разагналі Марш на Курапаты. Акцыя была часткай грамадскага супраціву супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У дэманстрантаў стралялі гумовымі кулямі, кідалі святлошумавыя гранаты, збівалі пры затрыманні. Супраць удзельнікаў шэсця завялі крымінальную справу за “арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Падазраванымі абʼявілі больш за 200 чалавек.

Колькасць расстраляных у Курапатах па сённяшні дзень невядомая. Ацэнкі вагаюцца ад 7 тысяч да 250 тысяч чалавек і болей. Так, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Алег Бажэлка па выніках даследаванняў 1997-1998 гг. агучыў мінімальную лічбу ў 7000 расстраляных. Генеральны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі напрыканцы 1980-х на падставе першых даследаванняў лічыў, што ў Курапатах забітыя мінімум 30 000 чалавек. Выдадзены ў 1995 годзе даведнік “Беларусь” (Мінск, «Беларуская энцыклапедыя») піша пра 100 тысяч. Паводле разлікаў Зянона Пазняка, колькасць забітых магла складаць ад 102 да 250 тысяч чалавек. Апошнюю лічбу – 250 тысяч – называе і прафесар Вроцлаўскага Універсітэту Здзіслаў Вінніцкі. А брытанскі гісторык Норман Дэйвіс перакананы, што ахвяраў магло быць і болей.

У ліпені 2025 года стала вядома, што з кальцавой дарогі знік указальнік на Курапаты. А ў верасні незалежныя СМІ паведамілі, што прайсці незаўважаным у Курапаты немагчыма, па перыметру мемарыяла з’явіліся 11 камер назірання, яшчэ 4 – на галоўнай алеі з крыжамі. Для ўсталявання крыжоў і пракладкі кабелю тут праводзіліся зямельныя працы, падчас якіх маглі быць пашкоджаныя пахаванні ахвяраў сталінскага тэрору.