Лес у Сцяпянцы і лецішча Цанавы

Лес у Сцяпянцы і лецішча Цанавы

Былая сядзіба Ваньковічаў у Сляпянцы была нацыяналізавана ў 1920-я гады. У міжваенны час тут размяшчаліся кантора саўгаса, бульбаводчая станцыя, школа НКУС, мінскі парнікова-цяплічны камбінат. Побач знаходзіўся лес.

У 1932 годзе студэнт Мінскага педтэхнікуму Уладзімір Гуцько (пазней вядомы пад літаратурным псеўданімам Дудзіцкі) праходзіў сельска-гаспадарчую практыку на даследчай станцыі ў сядзібе. Тады сярод студэнтаў хадзілі чуткі пра расстрэлы ў навакольным лесе. Ім нават забаранялі пакідаць баракі, тлумачачы тым, што побач пачынаецца ахоўная тэрыторыя. Аднойчы падчас шпацыру з таварышам Гуцько выявіў магілы, замаскіраваныя пад жывёламагільнік. Яны знаходзіліся непадалёк ад чыгункі маскоўскага напрамку.

Пра расстрэлы і пахаванні ў тым месцы таксама ўзгадваў другі студэнт Мінскага педтэхнікуму, паэт Міхась Кавыль: “Успомнілася, як мы – Сяргей Астрэйка, Гінтаўт, Русаковіч – бадзяліся ўначы па лесе каля саўгаса “Сляпянка”, куды былі пасланыя на “прарыў”, і падгледзелі расстрэл. Як падаў на калені няшчасны чалавек і ўздымаў у неба рукі, як пасля выстралу кульнуўся ў яму…”

Напрыканцы 1930-х у самым лесе з’явілася лецішча новага кіраўніка дзяржбяспекі БССР Лаўрэнція Цанава. Менавіта тут у ноч з 12 на 13 студзеня 1948 года на загад Сталіна быў забіты знакаміты габрэйскі акцёр і рэжысёр, кіраўнік Габрэйскага антыфашысцкага камітэту Саламон Міхоэлс разам з тэатральным крытыкам Уладзімірам Голубавым. Паводле паказанняў самога Цанава, каля 22 гадзін ахвяр прывезлі на лецішча і раздавілі грузавой машынай. Пасля апоўначы іх целы падкінулі ў горад на адну з глухіх вуліц, інсцэнаваўшы ДТЗ. За ўдзел у гэтай аперацыі супрацоўнікі МГБ атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды, а Цанава – ордэн Чырвонага Сцяга.

Будынак лецішча пасля вайны выкарыстоўвалі як ведамасны дзіцячы сад МУС. Аднак у 2005-м ён згарэў, а праз шэсць гадоў яго разбурылі. Улетку 2024 года падчас будаўніцтва жылога комплексу “Утульны” на вул. Парніковай будаўнікі выявілі чалавечыя косткі. 52-гі спецыяльны пошукавы батальён Мінабароны ў шасці раскопах знайшоў парэшткі 75 мужчын і жанчын ва ўзросце ад 18 гадоў, а таксама гільзы і асабістыя рэчы.

Пракурор Мінска Алег Лаўрухін сцвярджаў, што “не было ніякай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў гэтай мясцовасці”. “Мы схіляемся да таго, што гэтыя людзі – з ліку цывільнага насельніцтва, паколькі былі знойдзеныя гільзы ад стралковай зброі, якая знаходзілася ў той час на ўзбраенні гітлераўскай арміі, а на чарапах меліся ўваходныя і выходныя адтуліны ад агнястрэльных кулявых раненняў”, – расказваў падрабязнасці пракурор. Паводле яго словаў, былі старанна вывучаны архіўныя дакументы, але ні ў адным з іх не знайшлося згадкі аб месцах пахаванняў паблізу цяперашняй вул. Парніковай. “У паказаннях больш за 19,7 тыс. сведкаў, апытаных за чатыры гады ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу, таксама не было ніякай інфармацыі аб трагічных падзеях у гэтай мясцовасці”, – заявіў Лаўрухін.

17 чэрвеня 2025 года чалавечыя парэшткі ўрачыста перапахавалі як ахвяр генацыду беларускага народу на Чыжоўскіх могілках.