У 1920 годзе зямля і палац былога лошыцкага маёнтку роду Любанскіх былі нацыяналізаваныя савецкай уладай. Пазней частку тэрыторыі перадалі сельскагаспадарчаму інстытуту, а паўночная частка, дзе знаходзілася шляхецкая рэзідэнцыя, засталася ў распараджэнні спецслужбаў.
У 1920-я гады менавіта тут дзейнічала база па падрыхтоўцы савецкіх дыверсантаў і разведчыкаў для падпольнай антыпольскай дзейнасці. Дыверсійныя групы перакідваліся праз савецка-польскую мяжу, якая праходзіла непадалёк ад Мінска, на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пазней базу скасавалі. У пачатку 1930-х гадоў у будынку сядзібы размясцілася Мінская школа Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
Першыя выпадкі расстрэлаў у Лошыцы былі зафіксаваныя яшчэ ў 1919 годзе польска-амерыканскай камісіяй па расследаванні злачынстваў бальшавікоў. У наступныя гады забойствы працягваліся ў Лошыцкім (або Чорным) яры – непадалёк ад павароту Чэрвеньскага тракту, дзе цяпер знаходзіцца скрыжаванне вуліц Маякоўскага і Чыжэўскіх.
У перыяд нямецкай акупацыі маёнтак быў заняты мінскім акруговым камісарам. Тады ў Лошыцы расстралялі і пахавалі невядомую колькасць габрэяў і партызанаў, але пахавалі ў іншай яме.
У 1988 годзе, калі ў Курапатах пачаліся раскопкі масавых пахаванняў, археолаг і будучы палітык Зянон Пазняк заняўся пошукам іншых падобных месцаў. Ён знайшоў сведкаў расстрэлаў у Лошыцы. Старажылы расказвалі, што людзей прывозілі раніцай на грузавіках, расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС, а часам – мясцовыя “добраахвотнікі” і камсамольцы.
У адным са сваіх артыкулаў Пазняк наступным чынам апісаў падзеі, якія адбываліся ў Лошыцы: “Людзей прывозілі ў “хапунах” і часам на бартавых грузавіках, звязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі рана (у 5-6 раніцы) на некалькіх машынах і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя лошыцкія вартаўнікі расказвалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі і нават расстрэльвалі. Асуджаныя на смерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваны таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы, НКУС і лошыцкія падонкі ўдзельнічалі ў расстрэлах “ворагаў народу” тут, у Лошыцкім яры. Яны прасіліся “пастраляць” і за кожны стрэл ім плацілі 50 капеек (відаць, такса была)”.
Паводле сведчанняў, у Лошыцкім яры ў 1937 годзе людзей расстрэльвалі амаль штодня. Колькасць расстраляных тут невядома. Зянон Пазняк лічыць, што каля 7-10 тысяч.
Калі пасля раскопак у Курапатах Пазняк вярнуўся, каб распачаць раскопкі ў Чорным яру, то ўбачыў цалкам зменены рэльеф. Мясцовыя ўлады засыпалі месца грунтам, каб збудаваць тут гаражны кааператыў. Спроба раскапаць насыпаны грунт і дакапацца да магчымых магіл плёну не дала. Пазней гарадскія ўлады спрабавалі цалкам знішчыць яр, пракласці праз яго дарогу, але грамадскасць не дазволіла гэтага зрабіць.
У 1995 годзе ў раёне Чорнага яры высілкамі Беларускага Народнага Фронту і аб’яднання «Мартыралог Беларусі» паўстаў мемарыяльны драўляны крыж вышынёй 5 метраў з надпісам “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”. Яго спраектаваў мастак Мікола Купава. Тут шмат гадоў праводзіліся жалобныя акцыі на Дзяды. Аднак у лістападзе 2024 года стала вядома, што мемарыяльны знак з яру знік.
В Лошицком яру больше нет памятного креста жертвам большевистского террораЯшчэ адзін крыж з надпісам “Пакутнікам за Беларусь” доўгі час знаходзіўся на руінах капліцы ў самім Лошыцкім парку каля галоўнай алеі.
Варта ўзгадаць, што ў 2018 годзе ў Лошыцкім парку з нагоды 100-годдзя беларускага крымінальнага вышуку паўсталі мемарыяльны знак і алея. Паўсталі як памяць пра першых савецкіх чэкістаў і здзек з іх ахвяраў.