Пра тое, што ў саўгасе Цівалі існаваў жывёламагільнік, людзі ведалі даўно. Сюды звозілі косткі жывёл, якія загінулі ад эпідэмій і мору. У 1960-х гадах сталіца БССР пашыралася – горад наблізіўся да гэтых мясцін, і пачалося будаўніцтва новых дамоў. Магільнік планавалі ліквідаваць, аднак падчас яго раскопак сярод костак жывёл былі знойдзены чалавечыя парэшткі, скручаныя калючым дротам, з прастрэленымі чарапамі. Па загадзе зверху косткі людзей і жывёл былі спалены і пахаваны ў лесе каля дарогі на Ракаў. Паводле версіі гісторыка Ігара Кузняцова, магільнік выявілі і знішчылі ўжо ў 1990-х гадах падчас будаўніцтва станцыі метро “Пушкінская”.
У пачатку 1990-х паэт Сяргей Законнікаў распавёў пачутую ім гісторыю, што нібыта ў 1938 годзе па загадзе тагачаснага сталінскага наркама шляхоў зносін Лазара Кагановіча “за сабатаж” – адмову адпраўляць эшалоны дэпартаваных у Сібір і Запаляр’е – былі расстраляныя каля 300 беларускіх чыгуначнікаў. Каб схаваць злачынства, іх целы нібыта былі закапаныя ў жывёламагільніку ў Цівалях. Узрушаны Законнікаў нават напісаў паэму пад назвай «Цівалі».
Сапраўды, Кагановіч тройчы займаў пасаду наркама шляхоў зносін. У перыяд “вялікага тэрору” ён уваходзіў у лік асоб, якія ўдзельнічалі ў разглядзе так званых “сталінскіх спісаў” – пералікаў людзей, асуджаных да вышэйшай меры пакарання з асабістай санкцыі кіраўніцтва ЦК ВКП(б). Подпіс Кагановіча стаіць на 189 спісах, паводле якіх былі расстраляныя больш за 19 000 чалавек.
13 лістапада 1936 года з’явіўся загад НКУС “Аб узмацненні барацьбы з крушэннямі на чыгуначным транспарце”, а 29 ліпеня 1937 года – загад Галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НКУС аб “ачыстцы чыгунак ад сацыяльна-шкодных элементаў”. Кожная аварыя на чыгунцы разглядалася як дыверсія, за якую можна было атрымаць кулю ў патыліцу.
У 1937-1938 гадах у Мінску адбываліся шырокія чысткі, у выніку якіх былі расстраляныя дзясяткі чыгуначнікаў. Дакладнае месца расстрэлаў сёння вызначыць складана. Тым не менш, на месцы былога жывёламагільніка ў Цівалях неаднаразова праводзіліся акцыі памяці забітых супрацоўнікаў Беларускай чыгункі.