Трасцянец / Благаўшчына

Трасцянец / Благаўшчына

29 чэрвеня 2018 года на месцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны нацысты стварылі найбуйнейшы лагер смерці, быў адчынены Мемарыяльны комплекс “Благаўшчына”. Тут масава забівалі мірных савецкіх грамадзян, а таксама габрэяў, дэпартаваных з розных краін Заходняй Еўропы. За некалькі дзён да адкрыцця мемарыялу мясцовыя ўлады знішчылі тут крыжы і памятныя шыльды, якія нагадвалі пра злачынствы іншага рэжыму – камуністычнага.

Мемарыяльны комплекс «Благаўшчына»

У пачатку 1990-х Анатоль Майсеня пры падрыхтоўцы кнігі аб рэпрэсіях 1930-х гг. апытаў былога вязня мінскай унутранай турмы НКУС (“амерыканкі”) Цодзіка. У першыя дні нападу Вермахта на СССР беларускі НКУС атрымаў загад аб эвакуацыі вязняў з турмаў на ўсход. У чэрвеньскія дні 1941 года часткі НКУС канваявалі па Магілёўскай шашы калоны арыштантаў з мінскіх вязніц, а таксама ахвяр НКУСаўскай “зачысткі” першых дзён вайны. Раніцай 25 чэрвеня канваіры расстралялі адну з калон, у шэрагах якой быў і Цодзік. Гэта адбылося каля Трасцянца ў лясным масіве Благаўшчына. Сам Цодзік цудам ацалеў.

Гісторык Ігар Кузняцоў назваў прозвішчы супрацоўнікаў камендатуры НКУС БССР, якія маглі быць датычныя да таго расстрэлу: Нікіцін, Ермакоў, Коба, Якаўлеў, Астрэйка, Дуброўскі, Бачкоў, Бацян, Абрамчык, Мігно.

Яшчэ адна калона дайшла да Чэрвеня, дзе была расстраляная. Як паведамляў у запісцы начальнік 3-га аддзялення НКУС 42-й брыгады канвойных войскаў малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Кампаніец начальніку 3-га аддзела НКУС СССР старэйшаму маёру дзяржбяспекі Бялянаву: “26 чэрвеня сіламі снайперскай роты з мінскай турмы было эвакуявана каля 2000 зняволеных, але з прычыны сістэматычных нападаў на калону са зняволенымі пад мястэчкам Чэрвень, пры ўзгадненні з кіраўніцтвам турмы, 209 палітычных зняволеных былі расстраляныя, а зняволеныя, якія ўтрымліваліся пад вартай за бытавыя злачынствы, вызваленыя”. Па дадзеных тых, хто цудам выжыў, у перыяд 26-27 чэрвеня 1941 года каля Чэрвеня байцы канвойных войскаў НКУС расстралялі ад адной да чатырох тысяч вязняў Чэрвеньскай, Каўнаскай і Мінскай турмаў – ахвяр неабгрунтаваных сталінскіх рэпрэсій.

Ігар Кузняцоў мяркуе, што каля Трасцянца НКУС мог забіваць і раней. Напрыканцы 1930-х гадоў, паводле паведамленняў навочных сведкаў, тут былі адселены хутары, што месціліся на поўнач ад таго самага ляснога масіву Благаўшчына, а частка тэрыторыі непадалёк ад Магілёўскай шашы адышла пад аб’ект, які ахоўваўся НКУС. Адтуль па начах часта чуліся стрэлы. Таксама, паводле гісторыка, тут маглі расстраляць і польскіх вайсковапалонных.

Свой канцлагер нацысты пачалі ствараць тут увосень 1941 года. Пасля яго вызвалення ў 1944 годзе на яго месцы пачала працаваць Дзяржаўная Надзвычайная камісія. Тады ж былі апублікаваны першыя афіцыйныя дадзеныя пра колькасць загінулых тут людзей, пахаваных у 34 рвах, а пазней спаленых нацыстамі – больш за 500 тысяч. Аднак у дакументаў у зборніку “Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі 1941-1944”, апублікаванага толькі ў 1965 годзе, названа лічба ў 206 500 чалавек.

Цікава, што вынікі даследаванняў камісіі 1944 года не трапілі ў матэрыялы СССР на Нюрнбергскі працэс супраць нацысцкіх злачынцаў. Таксама даследчыкі звяртаюць увагу яшчэ на іншую частку таго заключэння Надзвычайнай камісіі, пра якую мала хто ведае. Аказалася, што калі Камісія пачала працу, яна знайшла пахаванні, частка з якіх знаходзілася на тэрыторыі, дзе ў 1956 годзе з’явілася цяперашняя звалка. Выявілася, што пахаванні былі перадваеннымі. Раскопкі ў гэтым месцы адразу ж спынілі і перанеслі на 300-400 метраў. Пра слушнасць гэтай версіі сведчаць таксама шматлікія гільзы ад зброі савецкай даваеннай вытворчасці, якія былі знойдзены ў 1994-1995 гадах супрацоўнікамі Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Благаўшчыне падчас здымак дакументальнага фільму “Трасцянец”.

У адным са сваіх артыкулаў Ігар Кузняцоў прыводзіць цытату былога вучонага сакратара музея ВАВ А. Валькевіч, сказаную ў 1994 годзе: “Як стала вядома, у раёне Трасцянца загінула больш за 500 000 чалавек. Але даваць галоснасць гэтым звесткам забаранілі чальцы ДНК (Дзяржаўнай Надзвычайнай камісіі) з Масквы. Чаму? Таму што, на іх погляд, у гэта цяжка было паверыць… Можна было б запрасіць міжнародных экспертаў. Парэшткі паўмільёна загіблых — не іголка ў сене. І тут нараджаецца яшчэ адна небеспадстаўная думка: а ці не ўваходзяць у лік гэтай лічбы і ахвяры НКУС 1930-х гадоў? Узгадвалі ж старыя жыхары вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец страляніну ў лесе па начах у даваенны час”.

У 1957 годзе на месцы перадваенных расстрэлаў з санкцыі ўлады была зроблена гарадская звалка, каб такім чынам схаваць сляды злачынстваў. Іначай проста нельга растлумачыць з’яўленне тут гэтага “маскіруючага аб’екта”. І гэта было зроблена, як ні дзіўна, пасля прыняцця ў 1950, а затым і ў 1956 годзе рашэнняў аб ушанаванні памяці ахвяр фашызму.