Фабрычная, 20А – лазня, каля якой 16 верасня 1999 года былі выкрадзеныя апаненты ўлады – палітык Віктр Ганчар і бізнесовец Віктар Красоўскі. Побач з лазняй знайшлі аскепкі фар, сляды тармажэння машыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што гэта кроў Віктара Ганчара. На момант знікнення Ганчару было 41 год, Красоўскаму - 47.
У 2019 годзе Юрый Гараўскі, які назваўся былым удзельнікам беларускага “эскадрону смерці”, заявіў, што браў удзел у выкраданні і ліквідацыі апанентаў Лукашэнкі. Спачатку ён распавёў аб захопе і забойстве экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі 7 траўня 1999 года, а затым – аб справе Ганчара і Красоўскага.
Па словах Гараўскага, Ганчар і Красоўскі выйшлі з лазні апошнімі і селі ў аўтамабіль. “Вуліца была цёмная, ліхтароў не было, мінакоў – таксама, мы ўсё кантралявалі. Калі іх машына кранулася, мы перакрылі ёй шлях. Я зрабіў пару крокаў, разбіў шкло і ўдарам ланцуга трапіў Ганчару ў губу і пераноссе. Панкоў адчыніў дзверы, я накінуў ланцуг Ганчару на шыю, выцягнуў яго з машыны і паклаў на зямлю”, – распавёў ён.